ЗАСАЛЕ́ННЕ ГЛЕ́БЫ,
працэс назапашвання ў глебе лёгкарастваральных у вадзе солей у колькасцях, таксічных для с.-г. культур. Найб. развіта ва ўмовах засушлівага клімату пры цяжкім адтоку паверхневых і грунтавых вод. Адрозніваюць першаснае (прыроднае) і другаснае (антрапагеннае) З.г., якое выклікаецца парушэннем рэжымаў гідрамеліярацыі, асабліва ў паўд. зонах інтэнсіўнага арашэння. У пустыннай, паўпустыннай і сухастэпавай зонах фарміруюцца саланчакі, саланцы і саланчакаватыя глебы з рознай ступенню і тыпам засалення. На Беларусі З.г. пераважна лакальнае, мае антрапагенны характар (напр., у зоне дзеяння калійных камбінатаў Салігорска). Магчыма і прыроднае З.г. (напр., утварэнне карбанатных жалезіста-саланчакаватых дзярновых забалочаных глеб у некат. раёнах Палесся). З.г. ліквідуюць прамыўным паліваннем з штучным адвядзеннем грунтавых і прамыўных вод з дапамогай дрэнажу, хім. меліярацый, агратэхн., біял. і інш. прыёмаў.
Л.В.Круглоў.
т. 6, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)